«СЕ́ВЕРО-ЗА́ПАДНОЕ СЛО́ВО»,

грамадска-паліт. газета акцябрысцкага кірунку. Выдавалася з 10(23).11.1915 да 30.4(13.5).1916 у Мінску на рус. мове штодзённа. Падтрымлівала палітыку ўрада, асвятляла дзейнасць цэнтр. і мясц. органаў улады. Друкавала паведамленні пра ваен. дзеянні ў Расіі і яе саюзнікаў у час 1-й сусв. вайны. Прапагандавала ідэю сац. і нац. міру, адзінага патрыят. фронту для перамогі ў вайне.

Адмаўляла нац. і культ. самастойнасць беларусаў. Інфармавала пра тэатр. і муз. жыццё ў Мінску. Друкавала вершы і нарысы мясц. аўтараў, якія з рэліг. і патрыят. пазіцый сцвярджалі ўпэўненасць у ваен. перамозе Расіі. Спрабавала выкарыстаць класічную л-ру з кансерватыўна-ахоўніцкімі мэтамі, І.​Тургенева і інш. рус. пісьменнікаў называла «вялікімі нацыяналістамі зямлі рускай». Вяла палеміку з газ. «Минский голос», «Минская газета-копейка» і «Варшавское утро» па ідэалаг. матывах і з-за канкурэнтных меркаванняў.

У.​М.​Конан.

т. 14, с. 289

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)